Дзіма Дзямід з Міёр — курсант першага курса Магілёўскага інстытута МУС

 14 февраля 2018

миоры курсант.jpgУ школьныя гады Дзіма Дзямід глядзеў серыялы пра міліцыю і таксама хацеў абараняць людзей ад зла, быць такім жа смелым і мужным, як кінагероі. Цяпер хлопец на першай прыступцы лесвіцы, што вядзе да мары.

 

З КУРСАНТАМ першага курса Магілёўскага інстытута МУС сустрэліся падчас канікул. Два тыдні Дзмітрый адпачываў дома ад страявой падрыхтоўкі, стрэльб, штодзённых прабежак на тры кіламетры. Паспяхова здаў залікі, годна вытрымаў іспыты па філасофіі, гісторыі дзяржавы і права замежных краін, эканоміцы. Значыць, заслужыў права пабыць дома з бацькамі, пазней прачынацца і праводзіць свой дзень па ўласным раскладзе.


— У інстытуце нашы будні распісаны па гадзінах, — расказвае курсант. — У шэсць раніцы пад'ём. Сорак хвілін займаемся на плацы. Незалежна ад пары года і ўмоў надвор'я бегаем два-тры кіламетры, выконваем практыкаванні. Заняткі пачынаюцца ў восем. Па тры-чатыры пары ўдзень. Вечарам дзве з паловай га-дзіны на самападрыхтоўку. Пасля вячэры абавязкова глядзім "Панараму". Ёсць вольны час, каб патэлефанаваць дадому, пазаймацца ў спартзале, зайсці ў інтэрнэт.


ДЫСЦЫПЛІНА, строгі распарадак дня, пастаянны самакантроль. Дзмітрый гаворыць, што хутка прывык да такіх умоў. Яшчэ ў жніўні прайшоў у інстытуце курс маладога байца і прысягнуў на вернасць Радзіме. Цяпер маршыруе ў страі, вывучае розныя віды зброі і ўжо мае пэўныя поспехі ў стральбе, займаецца рукапашным боем, гуляе ў КВЗ. Дзіма заўважае, што ў інстытуце шмат магчымасцяў для самаразвіцця. Працуюць музычныя гурткі, секцыі па валейболе і самба. У нядзелю можна пайсці ў горад: адпачыць у кафэ, паглядзець фільм у кінатэатры, проста пагуляць. Аднак калі атрымаў нездавальняючую адзнаку ці маеш заўвагі па паводзінах, то ў выхадны застанешся ў інтэрнаце. Мера пакарання — пазачарговы нарад.


— За паўгода ў інстытуце навучыўся лепш сачыць за сабой, — заўважае курсант. — І за знешнім выглядам, які штораніцы правяраюць на пастраенні. І за сваімі словамі і думкамі. Тут не толькі вучаць агульнаадукацыйным і прыкладным дысцыплінам. Выхоўваюць мужнасць, адказнасць, таварыскасць. Яшчэ адзін плюс маёй будучай прафесіі — гэта магчымасць і абавязак заставацца ў добрай фізічнай форме.
Пра курсанцкія будні Дзмітрый расказаў міёрскім старшакласнікам. Завітаў у сваю родную СШ №3 імя Я.Томкі, затым у СШ №2.
У РАЗМОВЕ курсант звярнуў увагу на матэрыяльныя плюсы. Дзяржаўнае забеспячэнне, паўнацэннае харчаванне, сацыяльныя гарантыі. Стыпендыяй у трыста дваццаць рублёў, якая павялічваецца разам з адзнакамі за сесію, можна дапамагчы бацькам. Расповяды пра тое, што курсанты міліцэйскіх ВНУ вяртаюцца з вучобы на ўласных аўтамабілях — зусім не выдумка.


КАЛІ да справы не ляжыць душа, матэрыяльныя і сацыяльныя выгоды наўрад ці гэта кампенсуюць. Дзіма Дзямід у сваім выбары ўпэўнены і ні разу пра яго не пашкадаваў. Па-ранейшаму ў вольны час праглядае міліцэйскія серыялы. Цяпер не марыць, а дакладна ведае, што праз тры з паловай гады ён таксама стане ў рады тых, хто аберагае спакой на вуліцах, у грамадстве, у краіне. 

 Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.


При использовании материалов активная прямая гиперссылка на источник обязательна

Поделиться новостью