Крымінальнаму вышуку - 100 год

 4 октября 2018

Крымінальнаму вышуку - 100 год

5 кастрычніка, стогадовы юбілей адзначае адно з найважнейшых падраздзяленняў у структуры Міністэрства ўнутраных спраў нашай краіны -  крымінальны вышук.

Што тычыцца шумілінскага краю, то  першыя сціплыя звесткі пра вышук датаваны 1940-мі гадамі. З 1944 па 1953 год у крымільным вышуку міліцыі Сіроцінскага раёна працаваў Пётр Макаравіч Загнетаў.  У  60-ыя гады ў групе крымінальнага вышуку быў таксама адзін супрацоўнік - Віталь Фёдаравіч Малашонак. У 1974 годзе яму на дапамогу быў прызначаны яшчэ адзін інспектар – Леанід Нікандравіч Карась.

У 1976 годзе Леанід Карась стаў старшым інспектарам і адпрацаваў на гэтай пасадзе да 1977 года. У 1980-ыя гады ў наш раён з Оршы прыехаў Валерый Дзмітрыевіч Раманоўскі, які і стаў першым начальнікам крымінальнага вышуку на Шуміліншчыне.

На жаль, многіх з названых “операў” ужо няма ў жывых. Але мы сустрэліся з нашым земляком і адным са старэйшых ветэранаў РАУС Мікалаем Фёдаравічам Туставым, які ўзначальваў групу крымінальнага вышуку з 1987 па 1995 год. “Пачынаў сваю работу інспектарам крымінальнага вышуку ў 1976 годзе, - згадаў Мікалай Фёдаравіч. – Працавалі тады, як кажуць, дуэтам разам са старшым інспектарам Леанідам Нікандравічам Карасём. Потым да нас прыйшоў Мікалай Цітавіч Балаболаў”.

Раней ў РАУС была толькі група крымінальнага вышуку, а аддзяленне было ўтворана толькі ў 1985 годзе, калі да нашага раёна быў далучаны Каўлякоўскі сельвыканкам (раней ён адносіўся да Бешанковіцкага раёна). На Шуміліншчыне значна прыбавілася жыхароў, і ў РАУС стала магчымым зрабіць аддзяленне крымінальнага вышуку. Мы пачалі шукаць новых супрацоўнікаў. Да нас прыйшоў працаваць былы другі сакратар райкама камсамола Мікалай Васільевіч Дзегцяроў. Непрацяглы час оперупаўнаважанымі былі Уладзімір Сяргеевіч Гутараў, Анатоль Іванавіч Шаціла. Пацягнуліся да крымінальнага вышуку і маладзейшыя – Іван Касцюк і Уладзімір Цянько. Разам мы раскрылі вунь колькі злачынстваў  - і не злічыць. На слыху выпадак з мінчанамі, якія ў сельгаспрадпрыемствах нашага раёна кралі мінеральныя ўгнаенні, а потым у пяцілітровых скрынях перапраўлялі ў Польшчу. Цана на той час была ўнушальная: за дзве такія скрыні можна было купіць патрыманыя “Жыгулі”. Яшчэ запомнілася забойства ў Обалі, якое раскрылі дзякуючы прафесіяналізму, згуртаванасці і вопыту маіх калег”.

 

З успамінаў ветэранаў РАУС пра крымінальны вышук

Мікалай Іванавіч Данькоў, былы начальнік крымінальнага вышуку (1995-1996 гг.), які закончыў міліцэйскую службу на пасадзе першага намесніка начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама – начальніка крымінальнай міліцыі: “Крымінальны вышук - гэта тая служба, якая патрэбна ўчора, сёння і заўтра. Яна была, ёсць і будзе заўсёды. Гады службы на сваёй радзіме, шумілінскай зямлі, успамінаю з цеплынёй. Мне падабаўся наш дружны калектыў, усе разам мы самааддана працавалі на адзіную мэту. Пасля мяне крымінальны вышук узначаліў Мікалай Васільевіч Дзегцяроў (1997-1999гг.) Зараз я жыву ў Мінску, але часта згадваю шумілінскіх “операў”, іх хватку і звычкі. Хачу павіншаваць усіх былых і сённяшніх оперупаўнаважаных са святам, пажадаць здароўя і дабра”.

Канстанцін Сяргеевіч Камісараў, былы начальнік крымінальнага вышуку (1999-2001гг.): “Мы расследавалі рознага віду злачынствы. Гэта былі кватэрныя крадзяжы, угон транспарту, махлярства і іншыя. Нас вучылі: калі здарэнне адбылося ў тваім раёне, будзь добры, унікай і арганізуй раскрыццё. Даводзілася літаральна «вытоптваць» кожны эпізод. Работы было зашмат, яна будавалася ў асноўным на апытанні насельніцтва. Галоўная ўвага ўдзялялася асобам, якія стаяць на ўліку ў органах унутраных спраў. Работа з імі была вельмі шчыльная, таму што большая частка злачынстваў раскрывалася менавіта дзякуючы асабістаму кантакту з гэтым няпростым кантынгентам”.

Ігар Аляксандравіч Шаціла, былы начальнік крымінальнага вышуку (2001-2005 гг.): “Выпадковыя людзі ў крымінальным вышуку не затрымліваліся. Калі чалавек чакаў нейкай рамантыкі, то гэта была ілюзія. Заставаліся людзі, якія аддавалі сябе абранай прафесіі. Трэба ноч працаваць - значыць, працуем ноч. Трэба суткі напралёт - значыць суткі. Дадому прыйшоў, упаў, некалькі гадзін сну - і зноў за работу. Сем'і нас часам і не бачылі. Але мы прывыклі працаваць у такім рэжыме, бо была ўстаноўка: кожнае злачынства павінна быць раскрытае”.

Іван Адольфавіч Касцюк, былы супрацоўнік крымінальнага вышуку: “Для мяне крымінальны вышук - гэта па-сапраўднаму мужчынская прафесія, дзе не лічацца з уласным часам, дзе рызыкуюць жыццём, дзе раскрываюць злачынствы. Крымінальны вышук - гэта стыхія, эйфарыя і адрэналін адначасова. І я ганаруся, што маю прафесію пераняў мой сын Дзмітрый, які зараз працуе ў аддзяленні крымінальнага вышуку”.

Міхаіл Якаўлевіч Барадаўка, былы начальнік Шумілінскага РАУС: “Я прыйшоў працаваць у Шумілінскі РАУС у 1984 годзе. Тады ў крымінальным вышуку працавалі тры чалавекі – Мікалай Тустаў, Мікалай Балаболаў і  Іван Касцюк. Працавалі, трэба адзначыць, добра, бо  раскрывальнасць злачынстваў складала 90%, а то і больш. У той час у аддзеле былі аўтазак і “Масквіч”, а ў распараджэнні крыміналістаў быў матацыкл,  на ім і выязджалі расследаваць злачынствы”.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

На фота:  Мікалай Дзегцяроў, Мікалай Тустаў, Віталь Малашонак, Іван Касцюк, Ігар Чыстабаеў, Уладзімір Цянько ( фота 1993 года).

 

 


При использовании материалов активная прямая гиперссылка на источник обязательна

Поделиться новостью