Лепшыя ў рэспубліцы

 14 марта 2019

Лепшыя ў рэспубліцы

Па выніках работы за 2018 год   крымінальна-выканаўчая інспекцыя  міліцыі грамадскай бяспекі Глыбоцкага РАУС прызнана лепшай у рэспубліцы, а яе начальнік маёр міліцыі Сяргей Ешчанка – лепшым супрацоўнікам крымінальна-выканаўчых інспекцый Віцебскай вобласці. Высокую ўзнагароду – пераходную зорку – маёр Сяргей Ешчанка атрымаў у лютым  падчас урачыстага мерапрыемства, якое праходзіла ў Віцебскім абласным упраўленні ўнутраных спраў. Яна стала выдатным падарункам калектыву напярэдадні прафесійнага свята і нагодай для інтэрв’ю з Сяргеем Уладзіміравічам.

 

–Гэта першая ваша ўзнагарода такога ўзроўню? 

–У 2013 годзе інспекцыя таксама была лепшай у краіне, але тады  калектыў быў іншы і ўзначальваў яго  Сяргей Пятровіч Петух.

–У кожнага поспеху ёсць свае складаемыя, а што дапамагло прыйсці да перамогі ў рэспубліцы вам?DSC_9046

–Першае: нам было на  каго раўняцца,  у каго вучыцца і з каго браць прыклад. Другое: трое супрацоўнікаў скончылі Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю, адзін – заканчвае ВНУ сёлета. Атрыманыя веды – гэта моцны фундамент, на якім і будуем сваю работу. Трэцяе: практычны вопыт і навыкі, набытыя ў  сістэме праваахоўных органаў – яшчэ адна каштоўнасць, незамянімая ў рабоце. Найбольшы стаж у сістэме праваахоўных органаў мае  старшы інспектар, капітан міліцыі Сяргей Пашковіч. Больш за дзесяць гадоў працую ў інспекцыі я. Двое супрацоўнікаў прыйшлі нядаўна, але  яны старанныя, адказныя, разумеюць важнасць таго, што мы робім. У кожнага свой накірунак работы, але працуем мы па прынцыпе ўзаемазамяняемасці, адчуваючы  калегіяльную падтрымку, з жаданнем дапамагчы  чалавеку і быць карыснымі грамадству.

–Не кожны наш чытач  уяўляе ў чым сутнасць  вашай работы. Можна больш падрабязна?

–Гэта не дзіўна, бо служба наша не на віду. Мы працуем з  сацыяльна рызыкоўным кантынгентам грамадзян, якія здзейснілі злачынствы і асуджаны да розных мер пакарання, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства. Наша задача – выконваць патрабаванні крымінальна-выканаўчага заканадаўства ў адносінах да такіх асоб:  кантраляваць іх паводзіны, займацца выхаваўчай работай, аказваць дапамогу з працаўладкаваннем і рабіць усё магчымае, каб яны  сталі на шлях выпраўлення і не мелі  праблем з законам, а таксама – не дапусціць росту рэцыдыўнай злачыннасці, садзейнічаць стабілізацыі аператыўнай сітуацыі ў раёне.

– Якія лічбы яскрава пацвярджаюць выніковую работу інспекцыі?

– У 2018-м годзе па лініі  ўсіх службаў асобы, якія ўжо мелі
судзімасць, здзейснілі 61 злачынства, а гэта на 43 менш, чым у 2017-м (іх было  104). Удзельная вага ў агульнай колькасці здзейсненых у раёне злачынстваў – 34,9%, што на 2,9% менш за абласны паказчык мінулага года. Колькасць рэцыдыўных злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку летась склала 25%, што на 12% менш, чым па вобласці, у сельскай  мясцовасці  іх колькасць удалося знізіць  з 63 да 25.

Акрамя таго, летась удалося павялічыць вынікі работы  па  асноўных накірунках службовай дзейнасці КВІ. Устанавілі 10 наглядаў, склалі 93 адміністрацыйныя пратаколы, узбудзілі 16 крымінальных спраў, 9 грамадзян, якія маюць судзімасць, накіравалі ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Па ўліках інспекцыі прайшлі 484 раней судзімыя грамадзяне. Цяпер на ўліку стаяць 259 асоб, з  якіх 103 асуджаны, але знаходзяцца на волі, 156 маюць непагашаную судзімасць і знаходзяцца пад прафілактычным наглядам.

–Якая структура здзейсненых злачынстваў?

–Тры злачынствы адносяцца да катэгорыі цяжкіх. Адно з іх
здзейсніў мужчына, які, вярнуўшыся з месц пазбаўлення волі, праз пару тыдняў зноў замахнуўся на закон. Яшчэ адно злачынства на сумленні іншагародняга,  раней судзімага грамадзяніна, які не стаяў на ўліку ў нашай інспекцыі. Астатнія 58 злачынстваў не прадстаўляюць вялікай небяспекі грамадству. 37 злачынстваў здзейснілі  грамадзяне, якія нідзе не працуюць і не вучацца. У 19-і выпадках  стаць злачынцам грамадзянам дапамог алкаголь.

–У рабоце з такім складаным кантынгентам што ставіце на першае месца?

–Звычайныя чалавечыя адносіны  на роўных, якія не выклікаюць  у нашых падапечных агрэсіі і дапамагаюць  паверыць  людзям у пагонах. 

Галина Сутула


При использовании материалов активная прямая гиперссылка на источник обязательна

Поделиться новостью