Ніхто акрамя нас

 23 мая 2016

Такім прынцыпам кіруюцца сенненцы, якія становяцца членамі добраахвотных дружын, каб нароўні з супрацоўнікамі міліцыі супрацьстаяць парушальнікам правапарадку.

            На пачатку года ў раёне дзейнічалі 29 добраахвотных дружын, зараз іх колькасць вырасла да 33-х. Яны сфарміраваны фактычна пры ўсіх буйных арганізацыях і прадпрыемствах, а таксама пры органах улады. У склад грамадскіх фарміраванняў уваходзіць больш за 200 асоб. Сярэдні ўзрост дружыннікаў 43 гады.

            Гэтыя лічбы былі агучаны на пасяджэнні раённага штаба добраахвотных дружын. Яно прайшло з удзелам усіх камандзіраў, прадстаўнікоў міліцыі, старшынь сельскіх выканаўчых камітэтаў. Органы раённых улад былі прадстаўлены асобамі Міхаіла Вілюгі, старшыні раённага Савета дэпутатаў, і Зоі Фаміной, намесніка старшыні райвыканкама, якая ўзначальвае раённы штаб. Удзел у пасяджэнні прыняў памочнік пракурора Станіслаў Падалінскі.

            Падсумоўваючы вы­нікі работы добраахвотных дружын за мінулы год, Зоя Фаміна заўважыла, што грамадскія фарміраванні з'яўляюцца суб'ектамі прафілактыкі правапарушэнняў. Разам з участковымі інспектарамі міліцыі, іншымі супрацоўнікамі РАУС дружыннікі ўдзельнічаюць у акцыях, рэйдах, наведваюцца ў сем'і, дзе ёсць праблемы сацыяльнага характару, узнікаюць міжасабовыя канфлікты. Як паведаміў Анатоль Ананенка, першы намеснік начальніка РАУС, у 2016 годзе з дапамогай дружыннікаў затрымана 27 правапарушальнікаў.

            Звычайна ніякіх праблем ва ўзаемаадносінах міліцыі і добраахвотных дружын не ўзнікае. Памочнікі міліцыянераў выходзяць на дзяжурствы ў адпаведнасці з распрацаваным графікам. Грамадская актыўнасць членаў калектываў падтрымліваецца, заахвочваецца заканадаўствам, калектыўнымі дагаворамі паміж прафсаюзнай арганізацыяй і наймальнікам. І ўсё ж дружыннікамі становяцца па загадзе ўласнага сэрца і сумлення.

            На пасяджэнні штаба добраахвотных дружын не хавалі негатыўных з'яў. За мінулы год з ліку добраахвотных дружыннікаў выключана 6 чалавек, якія самі сталі правапарушальнікамі. Панеслі пакаранні некалькі камандзіраў — за зрыў графіка выхаду на дзяжурства.

            Асаблівая роля дружыннікам належыць у сельскай мясцовасці. Многія з іх працуюць і ў скла­дзе бацькоўскіх патрулёў, бываюць на школьных дыскатэках, ва ўстановах культуры пры правядзенні вечароў адпачынку, іншых забаўляльных мерапрыемстваў. Міліцыя рэгулярна карыстаецца дапамогай дружыннікаў у час масавых мерапрыемстваў пры правядзенні дзяржаўных свят, масава-палітычных мерапрыемстваў. Дружыннікі дзяжураць на выбарчых участках у час выбараў.

            Аб некаторых нюансах дзейнасці добраахвотных дружын на тэрыторыях сваіх сельсаветаў расказалі старшыні Машканскага сельвыканкама Леанід Шаеў, Ходцаўскага — Вольга Шчарбакова, Багушэўскага — Вячаслаў Багданаў. Дарэчы, у гарпасёлку дзейнічае ажно 4 дружыны і моладзевы атрад. Была заслухана справаздача некаторых камандзіраў дружын. Вопытам работы па­дзяліўся Юрый Шыдлоўскі, які ўзначальвае грамадскае фарміраванне райгаза. Па выніках работы за мінулы год ён прызнаны лепшым у раёне камандзірам добраахвотнай дружыны. Было пра што расказаць Сяргею Грунтову, настаўніку Ходцаўскай школы, які з'яўляецца камандзірам добраахвотнай дружыны, што створана пры Ходцаўскім сельвыканкаме. Ён лічыць, што сельскія дружыннікі могуць уносіць больш важкі ўклад у прафілактыку правапарушэнняў у дзіцячым асяроддзі, сямейна-бытавых адносін. "Хто, акрамя нас, гэтым займецца?" — задаўся ён рытарычным пытаннем. І сапраўды, вёска заўсёды вызначалася сваёй грамадой, а вяскоўцы цанілі грамадскую думку, адэкватна рэагавалі на яе.


При использовании материалов активная прямая гиперссылка на источник обязательна

Поделиться новостью