Ветэран РАУС

 8 февраля 2018

Ветэран РАУС

   Калі ты жывеш у невялікім горадзе, многія цябе ведаюць не толькі ў твар, але і па характары. Тым больш гэта тычыцца чалавека, які ўсё жыццё адпрацаваў у праваахоўных органах. Як, напрыклад, Яўген Антонавіч Шафіраў з райцэнтра. Сталыя шумілінцы памятаюць, як гэты чалавек працаваў у РАУС, якім быў праніклівым да бяды іншых, а галоўнае – як адносіўся да чалавека. Прыстойнасць і гуманізм – вось тыя асноўныя рысы, якія адрознівалі былога міліцыянера і якія, дарэчы, запомнілася тым шумілінцам, якім хоць аднойчы прыйшлося сустракацца з Яўгенам Шаферавым.

  Магчыма, некаторым падасца, што дабрыня і мяккасць – гэта не тыя рысы характару, якія трэба мець праваахоўнікам. “Менавіта гэта дапамагала Яўгену Шафераву спраўляцца з работай, бо яму давяраў увесь раён – ад начальнікаў і да злачынцаў, – кажа былы начальнік РАУС Міхаіл Барадаўка. – У яго было і ёсць зараз нейкае своеасаблівае ўменне наладзіць кантакт з людзьмі. Калі ўжо да цябе прыйшоў Яўген Антонавіч – значыць, не дарэмна: ці ты сам правініўся, ці можаш дапамагчы  ў раскрыцці злачынства.  І людзі дапамагалі, бо давяралі і верылі”.

   “А чаму вы вырашылі звязаць свой лёс з аддзелам унутраных спраў?” – пытаюся ў Я. А. Шафірава. “Ды ўсё выйшла, можна сказаць, выпадкова, – кажа ветэран РАУС. – Сам я нарадзіўся і вырас у вёсцы Чарнецкае, адслужыў тэрміновую ваенную службу. Адпачыў некалькі дзён дома і прыехаў у Шумілінскі ваенкамат станавіцца на ўлік. А там на той час працаваў былы супрацоўнік РАУС Бондараў. Ён паглядзеў на мяне ўважліва і запытаўся: “Можа, Яўген, вы жадаеце служыць у міліцыі?”. Для мяне гэта прапанова была нечаканай. І я падумаў: чаму б і не? Можа, паспрабаваць прадоўжыць бацькаву справу, які да Вялікай Айчыннай вайны служыў у міліцыі?”.

  І Яўген Шафіраў пачаў збіраць неабходныя дакументы. Спачатку маладому супрацоўніку (гэта быў студзень 1974 года) начальнік РАУС Мікалай Паршыкаў даверыў пасаду міліцыянера патрульна-паставой службы. Потым, калі закончыў школу міліцыі ў Мінску, Яўген  стаў участковым інспектарам РАУС, а пасля – старшым інспектарам прафілактыкі аховы правапарадку.

  Яўген Антонавіч расказаў, што кожная з міліцэйскіх пасад патрабавала адказнасці і ўважлівасці. Але ўсё ж больш падабалася працаваць участковым. “Напэўна, таму, што гэта непасрэдная работа з людзьмі, – удакладняе ветэран. – Служба ў міліцыі – гэта добрая загартоўка і школа жыцця. Было цяжка, часам і вельмі складана, але ж імкненне раскрыць злачынства, дапамагчы людзям заўсёды перамагала. Яркія факты міліцэйскай біяграфіі забыць нельга. Напрыклад, аднойчы паехалі ў МСО на сямейны скандал, а там нецвярозы гаспадар пачаў страляць у міліцэйскі УАЗік… Пасыпалася серыя крадзяжоў з магазінаў. Толькі і паспявалі ездзіць на выклікі. Помніцца, толькі “Вецярок” абрабавалі некалькі разоў, а зачэпак усё не знаходзілася.  І якое ж было задавальненне ад работы ў мяне і маіх калег, калі нарэшце знайшлі злачынцаў. Вось у такія хвіліны асабліва адчуваў сябе патрэбным людзям і ганарыўся сваёй работай”.

 Былы калега Я. А. Шаферава Аляксандр Шаціла расказаў, як разам працавалі, сядзелі ў засадах, высочваючы злачынцаў, як прымалі ўдзел у прафілактычных рэйдах, змагаліся з самагонаварэннем, спынялі аўтааматараў, якія парушалі правілы дарожнага руху (раней на ўчастковых інспектараў былі ўскладзены і такія абавязкі). І калі ў 70-ыя гады на райаддзел, будынак якога тады яшчэ знаходзіўся на вуліцы Піянерскай, выдзелілі матацыкл МТ-10, ніхто і не сумняваўся, што яго давераць аднаму з лепшых супрацоўнікаў– Яўгену Шафераву, які на той час быў адзіным участковым на Шуміліна.

  Ахове правапарадку Я. А. Шафераў прысвяціў трыццаць гадоў. Сведчанне добрасумленнай працы – шматлікія ўзнагароды, нагрудныя знакі, медалі “За бездакорную службу” першай, другой і трэцяй ступеняў. А самы лепшая ўзнагарода – гэта ўдзячнасць землякоў. А яшчэ і калег, якія на мінулым тыдні на чале з начальнікам РАУС Алегам Калеснікавым і старшынёй ветэранскай арганізацыі Юрыем Арловым завіталі да Яўгена Антонавіча, каб павіншаваць яго з 70-гадовым юбілеем, пажадаць здароўя, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця.

Ларыса ЗАЙЦАВА.


При использовании материалов активная прямая гиперссылка на источник обязательна

Поделиться новостью