Засцерагчы падлеткаў ад непапраўных памылак

 19 июня 2017

Засцерагчы падлеткаў ад непапраўных памылак

19 чэрвеня – прафесійнае свята супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх. У раённым аддзеле ўнутраных спраў гэту службу прадстаўляюць старшы інспектар інспекцыі Алена Селязнёва і інспектар Анастасія Снарава. Мы гутарым з імі пра асаблівасці работы з падлеткамі і правапарушэннямі непаўналетніх.
– Што б вы назвалі галоўным у рабоце інспектараў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС?
Алена Селязнёва: “Асноўная задача – прафілактыка правапарушэнняў сярод непаўналетніх, папярэджанне антыграмадскіх дзеянняў дзяцей, безнагляднасці, выяўленне і выкараненне іх прычын і ўмоў”.
Анастасія Снарава: “А яшчэ мы ў адказе за бяспечныя паводзіны падлеткаў, за ахову правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, за сацыяльна-псіхалагічную рэабілітацыю дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”.
–  Якія прафілактычныя мерапрыемствы даюць станоўчы эфект і садзейнічаюць змяншэнню падлеткавай злачыннасці?
Алена: “На ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх стаяць восем падлеткаў. Гэта нямнога. Лічу, што прафілактыка робіць сваю справу. І за яе ў адказе не толькі наша інспекцыя, але і камісія па справах непаўналетніх райвыканкама, бацькі, настаўнікі, выхавальнікі, медыкі, работнікі культуры. Безумоўна,  выкананне патрабаванняў Дэкрэта № 18,  мерапрыемствы па адпрацоўцы дыскатэк і іншых месцаў масавага адпачынку моладзі, рэгулярнае абследаванне жыллёва-бытавых умоў нядбайных сем’яў даюць свой плён”.
Анастасія: “Зараз у раёне праходзіць міжведамасная рэспубліканская праграма “Клопат”, накіраваная на прафілактыку правапарушэнняў і безнагляднасці непаўналетніх. Трымаем на кантролі занятасць летам тых падлеткаў, якія стаяць на розных прафілактычных уліках. Акрамя гэтага, у раёне прайшлі акцыі “Наш выбар”, “Канікулы без праблем” і іншыя”.
– Якім чынам будуеце работу з падапечнымі?
Алена: “Ды па рознаму, у залежнасці ад сітуацыі. У адных выпадках, як кажуць, падыходзім “з пугай”, у іншых – “з пернікам”. Як паказвае жыццёвы вопыт, з некаторымі дзецьмі трэба быць строгімі, іншыя ацэняць шчырасць і дабрыню. Ну, а які падыход патрэбны ў канкрэтным выпадку вывучаем  працяглы час. Праз працоўныя будні нашай інспекцыі праходзяць дзясяткі падлеткаў, якіх мы імкнёмся засцерагчы ад непапраўных памылак. Каб іх папярэдзіць, міліцыянеру трэба быць не толькі псіхолагам, але і часам надзейным сябрам падлетка, які можа захоўваць яго запаветную тайну. На жаль, часам прыходзіцца прымаць удзел у адабранні дзяцей у бацькоў, збіраць матэрыял на пазбаўленне бацькоўскіх правоў, на абмяжоўванне дзеяздольнасці татаў і мам”.
Анастасія: “Шчыра кажучы, напачатку працаваць у інспекцыі было нялёгка. Але за год прывыкла, уцягнулася. Па адукацыі псіхолаг, я добра разумею праблемы падлеткаў, якія хочуць самазацвердзіцца, часам робячы гэта не самым прыдатным спосабам. Няўважлівасць бацькоў, нядобранадзейныя сем’і, праблемы ў школе – гэта нязначная частка таго, што падштурхоўвае дзяцей да правапарушэнняў. Каб зразумець іх прычыну, важна разгаварыць дзяцей, разам з імі паразважаць пра правапарушэнне. Падлетак павінен сам зразумець, што ягоны ўчынак няправільны – толькі ў гэтым выпадку ён больш не стане на шлях парушэння закону”.
– Як вы думаеце, ці адрозніваюцца падлеткі сёння і дзесяць год таму?
Алена: “Вядома. Час жа не стаіць на месцы. Камп’ютарныя тэхналогіі робяць сваю справу. Падлеткі зараз упэўненыя ў сабе, добра ведаюць свае правы, на жаль, радзей – абавязкі. Дванаццаць гадоў таму, калі я прыйшла працаваць у РАУС, дзеці вельмі часта збіраліся вечарамі, хадзілі на дыскатэкі, а зараз такіх кампаній стала менш. Напэўна, таму, што падлеткі сядзяць за камп’ютарамі. Гэта адзін з фактараў, які паўплываў на змяншэнне падлеткавай злачыннасці. У 2006 годзе, напрыклад, у нашым раёне было зарэгістравана дваццаць падлеткавых злачынстваў, а сёлета – два”.
– Дзе чэрпаеце сілы для работы?
Алена: “Сілы дае сям’я – муж і сын. Муж разумее маю работу, заўсёды мяне падтрымлівае, бо сам працуе следчым. Увесь вольны час прысвячаю сыну – разам гуляем у футбол, ходзім у басейн. І гэта дае сілы”.
Анастасія:  “Увесь вольны час прысвячаю спорту. Люблю лёгкую атлетыку, гуляю ў валейбол, баскетбол, футбол. Кожны вечар бегаю па пяць кіламетраў. Здаецца, павінна стаміцца, а ў мяне наадварот – спорт дае дадатковыя сілы і энергію для работы”.
– Дзякуй за размову. Поспехаў вам і як мага менш падлеткавых правапарушэнняў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


При использовании материалов активная прямая гиперссылка на источник обязательна

Поделиться новостью