Злачынствы на Міёршчыне... Спыніць магчымыя...

 12 июня 2018

 На мінулым пасяджэнні райвыканкама намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце РАУС Уладзімір Лапыр інфармаваў пра меры, якія прымаюцца для ўмацавання законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна, папярэджання цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Летась такіх зарэгістравана 28, што на сем больш, чым у 2016-ым. Сёлета ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам паказчык знізіўся з 12 да 6, у тым ліку няма забойстваў, разбояў, рабаўніцтва, а таксама злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных і псіхатропных рэчываў. 

 

Са слоў Уладзіміра Іосіфавіча, прадухіліць цяжкія злачынствы дапамагае пастаянная работа з асобамі, якія парушаюць правапарадак, у тым ліку прыцягненне іх да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці. Так, па “прэвентыўных артыкулах” у сферы сямейна-бытавых адносін у бягучым годзе выяўлена пяць злачынстваў. На скандалістаў, якія псіхалагічна траўміравалі блізкіх, складзена 79 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за правапарушэнні ў быце — 75. Участковыя інспектары міліцыі вынеслі 12 абаронных прадпісанняў, 95 афіцыйных папярэджанняў.


Для папярэджання злачынстваў сярод асоб, якія маюць судзімасць і не сталі на шлях выпраўлення, узбуджаны крымінальныя справы за ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі, выпраўленчых работ, за невыкананне прыгавора суда аб пазбаўленні права працаваць на пэўных пасадах ці займацца пэўнай дзейнасцю. Складзена 13 адміністрацыйных пратаколаў у адносінах паднаглядных, устаноўлена тры прэвентыўных нагляды, два прадоўжаны, тры асуджаныя накіраваны на прымусовае лячэнне ў ЛПП. Злоўжывальнікі спіртным разглядаліся на выязных пасяджэннях суда, у назіральных камісіях.


За парушэнне захоўвання, набыцця і рэгістрацыі зброі прыцягнуты да адказнасці тры чалавекі. Адабраны тры адзінкі зарэгістраванай, у тым ліку адна—наразная, і адна адзінка незарэгістраванай наразной зброі, 74 адзінкі боепрыпасаў.


За распіццё спіртнога, з’яўленне п’яным на рабочым ці ў грамадскім месцы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 255 грамадзян. Суд разгледзеў 13 пратаколаў. З нелегальнага абароту адабрана 0,99 літра спірту, 174,9 літра самагону і самагоннай брагі, чатыры самагонныя апараты. За чатыры месяцы сёлета ў ЛПП накіраваны дзевяць чалавек.


На ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС восем чалавек, якія раней асуджаны за незаконны абарот наркатычных сродкаў. У 2015 годзе выяўлена два такія злачынствы, па якіх узбуджаны крымінальныя справы, і столькі ж летась — адабрана 13 грам гашышу. У бягучым годзе праваахоўнікі правялі аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы па выяўленні каналаў паступлення ў раён наркатычных рэчываў, фактаў іх вырабу і збыту. Ні ў маладзёжным асяродку, ні ў грамадскіх месцах, ні падчас дагляду транспартных сродкаў парушэнняў не зафіксавалі.
Цяпер у свеце назіраецца ўстойлівы рост супраць- праўных дзеянняў, звязаных з педафіліяй і дзіцячай парнаграфіяй, а таксама іншых злачынстваў сексуальнага характару, якія замахваюцца на палавую недатыкальнасць і свабоду непаўналетніх. За справаздачны перыяд у раёне ўзбуджаны дзве крымінальныя справы. Асноўнай крыніцай інфармацыі па фактах гвалту застаюцца заявы ад бацькоў. Аднак часцей за ўсё падобныя здарэнні пацярпелыя затойваюць. Выкрываецца ўсё толькі, калі звяртаюцца ці трапляюць у медустанову, або самі ўчыняюць правапарушэнні.


Сёлета выявілі пяць эканамічных злачынстваў, у тым ліку тры крадзяжы, два цяжкія, службовы падлог і падман спажывальніка.
Аператыўная абстаноўка ў раёне ацэнена як стабільная. У той жа час няма часу на расслабленне, абарона жыццяў і здароўя жыхароў Міёршчыны, яе эканамічных інтарэсаў — няспынны працэс усіх суб’ектаў прафілактыкі. Па выніках разгляду пытання ў райвыканкаме прынята адпаведнае рашэнне, у якім намечаны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне правапарадку і прафілактыку правапарушэнняў. 

 

Наталія СТАНКЕВІЧ.


При использовании материалов активная прямая гиперссылка на источник обязательна

Поделиться новостью